Моладзь атакуе!

zvyazda_gazeta

Артыкул пра нашу каманду чытайце  ў сённяшнім нумары грамадска-палітычнага        выдання  «Звязда». 

 

Гісторыя пра футбольны клуб былога трэнера зборнай Беларусі, за які «хварэе» мэр горада і гуляюць пераважна тынейджары

 Карэспандэнты «Звязды» разам з амбіцыёзнай камандай «Смалявічы-СТІ» адправіліся на таварыскі матч у Салігорск і бліжэй пазнаёміліся з дружынай Юрыя Пунтуса.

 На чыгуначным прыпынку «Жодзіна-Паўднёвае» шматлюдна. Здаецца, выхадны дзень, але людзі ўсё роўна, топчучы снег, спяшаюцца на мінскую электрычку. Чакае цягнік на заснежаным пероне і мясцовы футбаліст Дзмітрый Кароль. Сёння ён наогул прачнуўся ў 5:40, загадзя, каб не спазніцца на клубны аўтобус у Смалявічы. Наперадзе ў каманды райцэнтра таварыская сустрэча з салігорскім «Шахцёрам», другой камандай краіны. Разам з ім у электрычцы яшчэ некалькі гульцоў. Астатнія футбалісты ўжо чакаюць транспарт у Смалявічах, апошніх забіраюць у Мінску.

 Яшчэ 5 гадоў таму ўявіць мясцовую дружыну ў супрацьстаяннях з БАТЭ і «Шахцёрам» можна было толькі ў сне. Аматарскі калектыў прэзентаваў раён на першынстве Мінскай вобласці, а заўзятары з сумам узгадвалі тамтэйшы «Крышталь», які ў пераломныя 1990-я хоць без асаблівага поспеху, але гуляў у другой лізе. Сітуацыя кардынальна змянілася адносна нядаўна, у 2010-м, калі Аляксандр Міхальчанка і Сяргей Міхайлаў заявілі калектыў з экзатычнай назвай «Вігвам» у трэці дывізіён. Каманда складалася з непрафесіяналаў. Амаль кожны са спартсменаў недзе падпрацоўваў. Напрыклад, Уладзімір Смольскі — на птушкафабрыцы. Аднак у патрэбны час у гарадку з’явіўся Міхаіл Загорцаў, новы старшыня райвыканкама, і на іншы ўзровень клуб ужо вывеў добра вядомы Юрый Пунтус. Пры ім каманда стала цалкам прафесійнай, а восенню ўпершыню прабілася ў першую лігу чэмпіянату Беларусі.

 Ужо на шляху да Салігорска заўважаю адну асаблівасць. Аўтобус цалкам, акрамя трэнераў, запоўнены маладымі футбалістамі. Усе ў асноўным слухаюць музыку, жартуюць, размаўляюць адзін з адным, а нехта, упёршыся галавой у шкло, чытае. Вопытных трыццацігадовых мужыкоў сярод іх не ўбачыш. Кажуць, што ў Смалявічах усё будуецца з перспектывай на тое, каб у будучыні за гарадскую каманду гуляла як мага больш сваіх выхаванцаў.

 — У нашай камандзе гуляюць 6 мясцовых хлопцаў, — хаваючыся ад марозу ў фае стадыёна «Шахцёр», кажа Сяргей Міхайлаў, дырэктар ФК «Смалявічы-СТІ». — Нехта жыве ў Плісе, Усяжы, Слабадзе, у недалёкім Жодзіне… А падпісваць вопытнага футбаліста толькі дзеля таго, што ён вопытны — гэта яшчэ ні пра што не сведчыць. Саша Чэркас, наш варатар, — гулец даволі прафесійнага ўзроўню. Яўген Мінянкоў прайшоў вышэйшую лігу, Павел Грачышка гуляў у Чэхіі, а Сяргей Русак — гэта наша апора, ён вядзе ўсю гульню калектыву. Нам сапраўды ёсць на каго абаперціся.

 Аказваць фінансавую падтрымку сёлета клубу будуць 13 прадпрыемстваў. Як кажа Міхайлаў, падпісана дамова з сеткай прадуктовых крам «АЛМИ», якой выдзелілі месца пад будаўніцтва ў райцэнтры. У выніку бюджэт павінен у паўтара раза перавысіць леташні. Цікава, што раней у каманды нават не было якаснай пляцоўкі, каб патрэніравацца. Хатнія матчы праводзілі ў Мінску. Цяпер у гэтым кірунку сітуацыя іншая — пазітыўная. У каманды «Смалявічы-СТІ» не толькі з’явіўся свой невялічкі стадыёнчык, але і штучнае поле, якое толькі засталося «пакласці» ў пасёлку Акцябрскі. А каб не заязджаць перад матчамі на зборы ў суседні Жодзіна, кіраўніцтва каманды наважылася стварыць уласную базу. «У пасёлку Чарніцкі ёсць закінуты дзіцячы садок, — адзначае Міхайлаў. — Адрамантуем у ім памяшканне, каб можна было жыць, і створым умовы для нармальнага харчавання футбалістаў». Наконт задач на сезон Сяргей Арцем’евіч кажа коратка: «Плануем быць у шасцёрцы лепшых».

 IMG_5426

Тым часам на полі гаспадары рушаць наперад — госці абараняюцца, адказваючы смелымі атакамі. У некалькіх момантах хлопцам у блакітных футболках, якія блішчаць на сонцы, не хапіла лічаных сантыметраў, каб забіць мяч у вароты «Шахцёра». Не шанцавала. Юрыя Пунтуса лепш чуваць, чым гульцоў. Нягледзячы на таварыскі характар сустрэчы, трэнер усё прапускае праз сябе: каментуе тое, што адбываецца не толькі словамі, але і жэстамі. Забіць усё ж такі «Смалявічы» здолелі. Толькі зрабіў гэта Дзяніс Трапашка ўжо ў становішчы па-за гульнёй. Выніковы лік 3:0 — перамога «Шахцёра».

 Між іншым, 22-гадовы Дзяніс, адзін з тамтэйшых лідараў — лепшы галеадор другой лігі, якім яшчэ зусім нядаўна цікавіліся больш масцітыя «Брэст» і «Нёман» з Гродна.

 — Аднак на мяне з прапановамі ніхто не выходзіў, ніхто не тэлефанаваў, — прызнаецца пасля сустрэчы нападаючы. — Вырашыў, што пакуль лепш тут пагуляю. У нас каманда вельмі добрая, вясёлая, дружная. Калі ўзнікаюць нейкія праблемы, хлопцы адразу дапамагаюць, падтрымліваюць. Хацелася б, безумоўна, трапіць у вышэйшую лігу. Толькі пакуль сам разумею, што мы маладыя. А гульня з «Шахцёрам» прадэманстравала, што ў іх футбалісты больш вопытныя. Але ў чэмпіянаце будзем кожны матч гуляць на перамогу. Стратэгія перамагаць у нас выпрацавалася.

IMG_5505 

Сам Юрый Пунтус гульнёй падапечных застаўся задаволены. Лічыць, што галы прапусцілі, галоўным чынам, з-за тактычных і тэхнічных памылак. А калі размова вяртае да яго мінулай каманды — брэсцкага «Дынама», з якой ён пазалетась перайшоў у «Смалявічы-СТІ», спакойна кажа:

 — У мяне быў нялёгкі перыяд у Брэсце. Шмат было пагалосак. Мы не былі адзіным кулаком. Мне здаецца, там і зараз ёсць зайздроснікі, якія не зычаць нам добрага. Аднак мы ў нашай камандзе ў цесным сяброўстве, так бы мовіць, у сям’і, робім любімую справу. Мяркую, робім яе нядрэнна. Ёсць і цяжкасці, але атрымліваем задавальненне. А што да творчасці, дык неабходна ўлічваць і моладзь, якая не толькі перспектыўная, але і хоча, каб яе навучылі гуляць у футбол. Здаецца, у гэтым і ёсць увесь кайф.

 — Юрый Іосіфавіч, вы шмат часу працавалі з БАТЭ, МТЗ-РІПА, брэсцкім «Дынама». Вы здзівілі многіх, калі вырашылі прамяняць вышэйшую лігу на другую. Не шкадуеце, што выбралі падобны шлях?

 — Ні ў якім разе. Адзіны недахоп — гэта тое, што фінансава жыццёвы ўзровень панізіўся. Але я ведаў, куды ішоў. Калі хочаш высока ўзляцець, трэба нізка ўпасці. Амбіцыі я не згубіў — яны вялікія. І іх трэба ажыццявіць у праекце «Смалявічы-СТІ». Праз некалькі гадоў, калі Божа дасць здароўе, здолеем цалкам прадэманстраваць свае магчымасці.

 — Вы маеце на ўвазе выхад каманды ў вышэйшую лігу?

 — Так, безумоўна.

 — Раней працавалі з даволі вопытнымі гульцамі, легіянерамі. Ці не хапае вам футбалістаў адпаведнага ўзроўню?

 — Магчыма. Праўда, у нас свая тэхналогія: кіруемся шляхам маладых хлопцаў, якія любяць футбол. Мы ўжо паўтара года разам. І не проста час пражываем, а працуем. Праз працу і павялічваем сваё майстэрства. Галоўнае — не таптацца на месцы, а развівацца, назапашваць фінансавую базу.

 — Клуб для райцэнтра дасягнуў неверагоднага — трапіў у першую лігу. Ці адэкватна ў горадзе ўспрымаюць каманду?

 — Я далёкі ад той думкі, што ўжо зараз мы маем тарсіду ў тысячным эквіваленце. Але, калі гулялі ў Акцябрскім, на матчы прыходзілі 200-300 чалавек. Гэта, як для Барысава 3-4 тысячы гледачоў. Менавіта такога балельшчыка трэба шанаваць, імкнуцца яго завабліваць. Я не прыхільнік штучнага запаўнення трыбун. А для таго, каб больш людзей наведвала гульні, неабходна гуляць прыгожа, арганізаваць для заўзятараў адпачынак. Наш стадыён «Азёрны» размешчаны ў цікавым месцы. Там добрая аўра. І калі на нашых матчах стварыць сапраўды камфорт (напрыклад, арганізаваць гандаль для гледачоў), будзе проста цудоўна.

 Чарговы праект Юрыя Пунтуса ўспрымаюць па-рознаму. Ёсць тыя, у каго каманда насамрэч выклікае кпіны і жарты. Але калектыў існуе ўжо чацвёрты год, ставіць перад сабой задачы і не збіраецца дасягаць іх па аналогіі з тымі клубамі, якія складаліся амаль цалкам з вопытных гульцоў. А тут даюць дарогу моладзі, разлічваюць на мясцовых футбалістаў. Мяркую, добры прыклад для тых, хто толькі пачынае арганізоўваць ці адраджаць уласную футбольную гаспадарку, вяртаючы з небыцця тое, што здавалася пакінутым назаўсёды.

 Тарас ШЧЫРЫ.Фота Надзеі Бужан.

 г. Салігорск

Читайте также:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Powered by Live Score & Live Score App